Фарміраванне навыкаў маўленчых зносін
у дзяцей з асаблівасцямі развіцця
праз выкарыстанне тэхналогіі камунікатыўнага навучання
Сацыялізацыя дзяцей з асаблівасцямі развіцця ў навакольным асяроддзі, падрыхтоўка іх да самастойнага жыцця - адна з галоўных задач работы настаўніка-дэфектолага. Ад умення дзіцяці выказваць свае думкі і пачуцці залежыць яго паспяховая сацыялізацыя ў грамадстве. Сфарміраванасць камунікатыўных уменняў мае важнае значэнне для агульнага развіцця. Дзіця, якое можа выказаць свае думкі і пачуцці, адчувае сябе больш упэўнена, у яго з’яўляецца жаданне вучыцца, жыць, развівацца.
У дзяцей з асаблівасцямі развіцця камунікатыўныя ўменні трэба фарміраваць. Для дадзенай катэгорыі дзяцей характэрны:
-
недастатковы запас звестак аб наваколлі;
-
бедны слоўнікавы запас;
-
парушэнне граматычнага боку мовы;
-
несфарміраванасць абагульняючай функцыі мовы і мыслення;
-
цяжкасці ў працэсе зносін.
Для карэкцыі асаблівасцей моўнага развіцця выкарыстоўваюцца разнастайныя педагагічныя тэхналогіі. У адносінах да дзіцяці з боку дарослага можна выдзеліць аўтарытарныя, дыдактыка-цэнтрычныя, гуманна-асобасныя тэхналогіі. Настаўнік-дэфектолаг арыентуецца на гуманна-асобасную тэхналогію і тэхналогію супрацоўніцтва.
Выкарыстанне дадзеных тэхналогій падразумевае:
-
дзейнасны характар навучання, калі засваенне ведаў адбываецца на аснове засваення прадметаў і з’яў акружаючай прасторы; у працэсе прадуктыўнай, цікавай і актыўнай практычнай дзейнасці ў дзіцяці развіваецца мова, адбываецца карэкцыя мысленчых працэсаў;
-
развіццё механізмаў сацыяльнай адаптацыі прадугледжвае ўключэнне дзіцяці з асаблівасцямі развіцця ў сацыяльнае ўзаемадзеянне;
-
дыялагічная форма адносін, камунікатыўныя сувязі паміж удзельнікамі адукацыйнага працэсу спрыяюць разумоваму развіццю;
-
дзіця выступае паўнапраўным удзельнікам адукацыйнага працэсу, што садзейнічае развіццю эмацыянальнай сферы;
-
індывідуальны характар навучання, што дае магчымасць скарэкціраваць недахопы развіцця.
Выбіраючы адукацыйную тэхналогію, вызначаючы дзейнасць педагога і дзіцяці ў адукацыйным працэсе, настаўнік улічвае дадзеныя палажэнні.
Настаўнік-дэфектолаг самастойна вырашае, якую тэхналогію яму выкарыстоўваць, сыходзячы з праграмных патрабаванняў, асаблівасцей дзіцяці, прафесійнай кампетэнцыі.
Пры аказанні карэкцыйнай дапамогі дзецям з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця мной выкарыстоўваецца тэхналогія камунікатыўнага навучання. Дадзеная работа мае на мэце абагуліць вопыт выкарыстання тэхналогіі камунікатыўнага навучання па фарміраванню навыкаў маўленчых зносін дзяцей з асаблівасцямі развіцця.
Для дасягнення мэты вырашаліся задачы:
1. Вывучэнне метадычнай літаратуры па дадзенай тэме.
2. Апрабацыя тэхналогіі камунікатыўнага навучання ў рабоце з рознай катэгорыяй дзяцей з асаблівасцямі развіцця.
Што такое камунікацыя? Працэс зносін можа быць кароткім або доўгім, суразмоўца можа быць побач або не, але ў кожным з выпадкаў адзін пераймае, а другі ўспрымае інфармацыю. Гэта і ёсць камунікацыя. У чалавечым грамадстве галоўную ролю адыгрывае моўная камунікацыя (з выкарыстаннем невярбальных сродкаў). Паведамленне можа выклікаць эмацыянальную рэакцыю, пабудзіць суразмоўцу зрабіць штосьці. Гаворачы пра камунікатыўныя ўменні, маюць на ўвазе ўменне паведаміць пра што-небудзь, звярнуцца з пытаннем, просьбай, пажаданнем, даць характарыстыку і г.д.
Псіхолагі выдзяляюць наступныя спосабы зносін:
-
перцэптыўны, калі людзі ўспрымаюць адзін аднаго з дапамогай зроку, інтуітыўна;
-
інтэрактыўны, калі людзі ўзаемадзейнічаюць адзін з адным;
-
інфармацыйны, калі людзі абменьваюцца думкамі, мэтамі, інтарэсамі, пачуццямі, духоўнымі каштоўнасцямі.
Можна мець зносіны трыма спосабамі адначасова, адным або дзвюма з іх, але ў любым выпадку гэта мэтанакіраваны і матываваны працэс.
Сродкамі, з дапамогай якіх дасягаецца мэта зносін, з’яўляюцца, на думку А.С.Грабчыкавай, прадуктыўныя (гаварэнне і пісьмо) і рэцэптыўныя (слуханне і чытанне).Шырока выкарыстоўваюцца і невярбальныя сродкі (жэсты, міміка, інтанацыя, паўза, тэмп і г.д.). Выкарыстанне невярбальных сродкаў дапамагае ўсталяваць кантакт, садзейнічае эканоміі часу, уплывае на моўную актыўнасць субяседніка.
Вучоныя, якія даследавалі праблему камунікатыўнага навучання (Т.Л.Ляшчынская, А.С.Грабчыкава, Р.К.Луцкіна і іншыя), сцвярджаюць, што школьны ўрок, акрамя адукацыйнай, развіваючай і выхаваўчай функцый, павінен насіць і камунікатыўную функцыю, так як ад якасці зносін залежыць эфектыўнасць засваення ведаў, а ад спосабу зносін - псіхалагічнае адчуванне вучня, якое таксама ўздзейнічае на якасць ведаў.
На маю думку, тэхналогія камунікатыўнага навучання займае адну з галоўных пазіцый у адукацыйным працэсе, дзякуючы выразна сфармуляваным прынцыпам. У сваёй рабоце стараюся прытрымлівацца іх.
Прынцып моўнай накіраванасці падразумявае навучанне мове шляхам зносін. Тэхналогія камунікатыўнага навучання дазваляе арганізаваць навучанне так, каб яно праходзіла ва ўмовах зносін. На карэкцыйных занятках па развіццю маўлення выкарыстоўваю такі матэрыял, які адпавядае ўзросту дзяцей, асаблівасцям іх псіхафізічнага развіцця, праграмным патрабаванням, пабуджаю дзяцей да зносін са мной. Першапачаткова, калі толькі пачынаю працаваць з выхаванцам, каб выклікаць жаданне гаварыць, прапаную прыгожую цацку, кніжку, малюнак, лагодна размаўляю з дзіцем, што выклікае ў яго адваротную рэакцыю. Паступова прыёмы работы мяняюцца – прапаную дзіцяці “пашаптацца”, пагаварыць ( “давай пагаворым пра тваю сям’ю, хатніх жывёл і г.д.”).(Дадатак 1).
З прынцыпам моўнай накіраванасці цесна звязаны прынцып практычнай накіраванасці. Рыхтуючыся да заняткаў, падбіраю практыкаванні, якія даюць магчымасць максімальна прыблізіць дзіця да рэальных зносін. Напрыклад, пры вывучэнні тэмы “Прадпрыемствы, установы, магазін” па прадмеце “Сацыяльна-бытавая арыенціроўка” (І аддзяленне дапаможнай школы), дзіця ўдзельнічае ў дыялогу “пакупнік - прадавец”, дзе яму прапануецца прымераць на сябе ролю пакупніка, а пры неабходнасці і прадаўца. Так дзеці рыхтуюцца да самастойнай моўнай дзейнасці. Падобныя практыкаванні можна выкарыстоўваць пры вывучэнні другіх тэм (“Транспарт”, “Пошта” і г.д.).
Прынцып індывідуалізацыі – адзін з асноўных прынцыпаў тэхналогіі камунікатыўнага навучання. Для яго рэалізацыі выкарыстоўваю наступныя прыёмы:
-
мэтанакіраваная і дазіраваная дапамога (больш увагі ўдзяляю дзецям з цяжкімі парушэннямі маўлення);
-
прымяненне апор рознага тыпу (для дашкольнікаў і малодшых школьнікаў, якія яшчэ не ўмеюць чытаць, - карты-схемы, для астатніх дзяцей – планы-схемы). (Дадатак 2);
-
выкарыстанне заданняў рознай ступені цяжкасці;
-
выдзяленне больш часу на падрыхтоўку адказу і сам адказ.
У працэсе карэкцыйнай работы дзеці адпрацоўваюць практычныя моўныя навыкі. Яны практыкуюцца ў апісанні прадметаў, удзельнічаюць у дыялогах, вучацца падтрымліваць размову, з дапамогай мовы ўсталёўваць кантакт з акружаючымі.
У дзяцей з цяжкімі парушэннямі маўлення вярбальная мова або адсутнічае, або парушана настолькі, што яе разуменне немагчыма для акружаючых.У гэтым выпадку галоўнымі сродкамі зносін становяцца невярбальныя сродкі камунікацыі (міміка, жэсты). Складаюцца камунікатыўныя карткі, табліцы, піктаграмы, з дапамогай якіх дзіця можа выказаць сваю просьбу.
Пры правядзенні заняткаў рэалізуецца прынцып навізны моўнай сітуацыі. Выкарыстоўваюцца нетрадыцыйныя формы правядзення заняткаў: занятак-гульня, занятак-падарожжа, урок-апавяданне. Для зняцця напружання практыкую частую змену відаў дзейнасці: у час моўнай размінкі дзеці гуляюць, у час замацавання і паўтарэння вывучанага матэрыялу - працуюць самастойна або ў парах.Выкарыстанне нетрадыцыйных форм правядзення заняткаў дазваляе павысіць матывацыю дзяцей да зносін, вучыць працаваць самастойна і ў парах.
Прынцып сітуацыйнасці навучання адлюстроўваецца ў ралявой арганізацыі навучальнага працэсу. Перад школьнікамі з асаблівасцямі развіцця ставіцца пэўная задача. Напрыклад, сябар запрасіў ў госці, даў адрас, але не растлумачыў, як яго знайсці. Неабходна распытаць сустрэчнага, як знайсці патрэбны адрас. Дадзенае заданне грунтуецца на рэальнай сітуацыі, якая можа адбыцца і ў паўсядзённым жыцці: вучань можа аказацца як у ролі сустрэчнага, так і ў ролі таго, каму трэба знайсці адрас. Выкарыстанне такіх заданняў дазваляе развіваць у дзяцей навыкі дыялагічнай мовы, а таксама адпрацаваць лексічны матэрыял.
Прынцып мадэлявання выражаецца ў пастаноўцы перад дзецьмі праблемнага пытання, праблемы. Напрыклад, карэкцыйны занятак “Навагодняе свята”. Тэма можа быць сфармулявана ў форме пытання ”Якая зараз пара года? Да якога свята мы рыхтуемся?” або ў форме праблемы “Якія падарункі можна падрыхтаваць да Новага года?”.
Моўная дзейнасць складаецца з лексічнага, граматычнага, фанематычнага бакоў. Яны цесна звязаны з маўленнем. Тэхналогія камунікатыўнага навучання падразумевае функцыянальнасць навучання, калі лексічнае значэнне слова і яго граматычныя формы засвойваюцца ў розных відах дзейнасці (гульня, гутарка, пераказ, складанне сказаў па карціне і з асабістага вопыту).
Такім чынам, тэхналогія камунікатыўнага навучання дазваляе настаўніку-дэфектолагу вырашаць наступныя задачы:
-
авалоданне працэсам зносін;
-
пашырэнне лексічнага запасу;
-
фарміраванне граматычнага боку мовы;
-
развіццё звязнай мовы.
Працуючы настаўнікам-дэфектолагам у дзяржаўнай установе адукацыі ”Навучальна-педагагічны комплекс Чарнэльскі дзіцячы сад – базавая школа”, пры аказанні карэкцыйнай дапамогі дзецям з рознымі асаблівасцямі ў развіцці (агульнае недаразвіццё маўлення, цяжкія парушэнні маўлення, парушэнні псіхічнага развіцця (цяжкасці ў навучанні), лёгкая інтэлектуальная недастатковасць), выкарыстоўваю тэхналогію камунікатыўнага навучання, што дазваляе павысіць якасць карэкцыйна-адукацыйнага працэсу .(Дадатак 3). Так, у 2014/2015 навучальным годзе двое выхаванцаў дашкольнай групы займаліся па агульнаадукацыйнай праграме спецыяльнай адукацыі на ўзроўні дашкольнай адукацыі для дзяцей з цяжкімі парушэннямі маўлення (агульным недаразвіццём мовы), у канцы навучальнага года адзін з іх быў пераведзены на навучанне па адукацыйнай праграме агульнай сярэдняй адукацыі; у 2015/2016 навучальным годзе двое дашкольнікаў навучаліся па агульнаадукацыйнай праграме спецыяльнай адукацыі на ўзроўні дашкольнай адукацыі для дзяцей з цяжкімі парушэннямі маўлення (агульным недаразвіццём мовы), у канцы навучальнага года адзін з іх пераведзены на навучанне па агульнаадукацыйнай праграме дашкольнай адукацыі; трое дашкольнікаў - па агульнаадукацыйнай праграме спецыяльнай адукацыі на ўзроўні дашкольнай адукацыі для дзяцей з парушэннямі псіхічнага развіцця (цяжкасці ў навучанні), у канцы навучальнага года адна дашкольніца была пераведзена на навучанне па агульнаадукацыйнай праграме агульнай сярэдняй адукацыі.
Тэхналогія камунікатыўнага навучання накіравана на адначасовае развіццё асноўных моўных навыкаў (вуснай і пісьмовай мовы, лексічнага і граматычнага боку мовы) у выніку зносін. Выкарыстанне дадзенай тэхналогіі дазволіла парушыць псіхалагічны барьер паміж мной і выхаванцамі. А калі дзеці не адчуваюць “дыстанцыі” паміж імі і мной, калі ім цікава – тады прасцей пачаць гаварыць.
Спіс выкарыстаных крыніц і літаратуры
1. Баль, Н.Н. Развитие познавательной деятельности детей дошкольного возраста с общим недоразвитием речи на коррекционных занятиях : пособие для педагогов учреждений образования, реализующих образовательную программу спец. образования на уровне дошкольного образования / Н.Н.Баль, Н.В.Дроздова. – Минск : Народная асвета, 2015. – 111 с.
2. Вильшанская, А.Д. Содержание и методы работы учителя-дефектолога в общеобразовательной школе. - М.: Школьная Пресса, 2008. – 112 с.
3. Воспитание и обучение детей с тяжёлыми нарушениями речи: программа для специальных дошкольных учреждений / сост. Ю.Н. Кислякова. Л.Н. Мороз. Минск: НИО, 2007. - 280 с.
4. Галицына, О.Н. Итоговая проверка базовых знаний по русскому языку учащихся школы для детей с задержкой психического развития / О.Н.Галицына // Дэфекталогія, 2000. № 4. С. 49 – 56.
5. Грек, Л.В. Технология коммуникативного обучения в условиях вспомогательной школы / Л.В.Грек // Дэфекталогія, 2003. № 3. С. 98 – 108.
6. Кныш, В. А. Развиваем речь : в 2 ч. Ч. 1 / В. А. Кныш, И. И. Пилат. - 2-е изд. - Мозырь: Белый Ветер, 2014. - 57 с.
7. Левяш, С.Ф. Социально-бытовая адаптация учащихся с особенностями психофизического развития: (нач. кл.) / С.Ф. Левяш, Л.А. Бондаревич. – Минск : Пачатковая школа, 2007. – 80 с.
8. Лещинская, Т.Л. Педагогические технологии в специальном образовании (общие подходы) / Т.Л.Лещинская // Дэфекталогія, 2002. № 4. С. 3 – 20.
9. Пассов, Е.И. Коммуникативный метод обучения иноязычному говорению. – М. : Просвещение, 1991. – 220 с.
Дадатак 1
Памятка
“Як навучыцца зносінам”
-
Не бойся гаварыць.
-
Гавары выразна і зразумела, спакойна і з павагай да суразмоўцы.
-
Слухай уважліва, не перабівай.
-
Паспачувай чалавеку, калі яму дрэнна.
-
Парадуйся яго поспехам.
Памятка
“Як пераказаць тэкст”
-
Уважліва паслухай (прачытай ) тэкст.
-
Уяві тое, пра што гаворыцца ў тэксце.
-
Падбяры словы, якія перадаюць змест тэкста.
-
Правер сябе, ці поўнасцю адлюстраваны змест тэкста?
-
Перакажы тэкст.